85 гадоў з дня нарадження Міколы Бусько
Мікола (Мікалай Іосіфавіч) Бусько (1940-2023гг.) — беларускі паэт.
Нарадзіўся 27 верасня 1940 г. у в. Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці (1962), выяўленчы факультэт Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў (1967). Працаваў у Баранавічах рабочым лесагандлёвай базы (1963–1965), афарміцелем Дома афіцэраў (1965–1967) і мясакамбіната (1967–1976), з 1976 г. – мастаком-афарміцелем у аўтобусным парку г. Баранавічы.
Першыя вершы былі надрукаваны ў карэліцкай раённай газеце “Полымя” і баранавіцкай “Знамя коммунизма” ў 1970 г. У рэспубліканскім друку ўпершыню дэбютаваў у часопісе “Маладосць” у 1978 г. Вершы публікаваліся ў зборніку “Дзень паэзіі”, часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Вясёлка” і рэспубліканскіх газетах. Выступае з публіцыстычнымі артыкуламі на старонках часопіса “Беларуская думка”.
Аўтар зборнікаў паэзіі “У Нёмна на плячах” (1986), “Сузор’е шаляў” (1995), “Паэзія баразны” (2003), “Чалавек ад плуга і касы. Скрыжалі памяці” (2005), кнігі прозы “Сляды ад верасня” (2012), кніг для дзяцей “Ад галінкі да сучка – тэлефон у павучка” (1993), “Шасцікрылец Хмарагон” (1997), “Бабрыная навука” (2001), “У бары жывуць сябры” (2017), “Лясныя дзівосы” (2019). Паводле п’есы-казкі “Бабрыная наука” створана опера.
З 1989 г. Бусько – член Саюза пісьменнікаў СССР. У 2012 г. узнагарожданы літаратурнай прэміяй імя У. Калесніка за кнігу прозы “Сляды ад верасня”.