Цётка (сапр. імя Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) – беларуская паэтка, грамадска-культурная дзеячка, асветніца, педагог.
Нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў цяперашнім Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці; тады гэта быў Лідскі павет Віленскай губерні Расійскай Імперыі. Паходзіла будучая пісьменніца са шмаддзетнай шляхецкай сям’і – у яе было два браты і тры сястры.
Напэўна, усё сваё жыццё Цётка вучылася: спачатку дома, потым у Віленскім прыватным вучылішчы, пасля якога нейкі час працавала хатняй настаўніцай, пакуль не з’ехала ў 1902 годзе ў Санкт-Пецярбург. У сталіцы дзяўчына наведвала вышэйшыя адукацыйныя курсы Лесгафта, дзе атрымала веды па педагогіцы, батаніцы і медыцыне, якія потым вельмі дапамаглі ёй у жыцці. Але курсаў не скончыла,
У 1904 годзе А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе працавала фельчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. Распачала актыўную прапагандысцкую работу. Арганізоўвала рэвалюцыйныя рабочыя гурткі, пісала вершы, якія распаўсюджваліся як рэвалюцыйныя пракламацыі, выступала з прамовамі па-беларуску на мітынгах і сходах.
У 1905 годзе была дэлегаткай ад віленскіх работніц на з’ездзе жанчын у Маскве, актыўна ўдзельнічала ў рэвалюцыйных маніфестацыях у Вільні, у падзямеллі бальніцы трымала шапірограф.
Пісаць пачала ў 1902 годзе пад уплывам Францішка Багушэвіча. Менавіта яна ажыццявіла не ажыццёўленае аўтарам «Дудкі беларускай»: выдала зборнік вершаў пад назвай «Скрыпка беларуская» (1906).
У творчасці Цеткі яскрава выявіліся асаблівасці фарміравання нацыянальных моўна-стылістычных сродкаў рамантычнай паэзіі, псіхалагічнай прозы, публіцыстычных артыкулаў і нарысаў. Яе творчасць — і адбітак рамантычнага бачання свету, і выява драматычнага лёсу «жанчыны з бунтарскай душой» — паэткі, рэвалюцыянеркі, міласэрнай сястры, настаўніцы і акторкі.
Цётка была аўтарам першых беларускіх чытанак, закладвала асновы методыкі выкладання, падрыхтаваўшы «Першае чытанне для дзетак беларусаў». У 1906 годзе выйшаў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», дзе Цётка, магчыма, была адным з аўтараў.
Памерла 5 лютага 1916 года. Пахаваная на могілках у родным Старым Двары.