Каштоўным набыткам беларускай паэзіі другой паловы XX ст. стала творчасць паэтэсы, нашай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц.
Нарадзілася Яўгенія Іосіфаўна ў весцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымала педагагічную адукацыю: скончыла аддзяленне беларускай мовы і літаратуры БДУ. Працавала загадчыцай бібліятэкі ЦК ЛКСМБ. Некаторы час жыла ў Чэхаславакіі, пасля вярнулася на Радзіму, займалася творчай працай. З 1976 г. Я. Янішчыц была літкансультантам “Сельскай газеты”, а з 1983 г. загадвала аддзелам паэзіі часопіса “Маладосць”. Займалася яна і грамадскай дзейнасцю, удзельнічала ў якасці дэлегата ў рабоце XXXVI сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1981).
Друкавацца Я.Янішчыц пачала ў Пінскай раённай газеце яшчэ вучаніцай Парэцкай сярэдняй школы. Свае вершы будучая паэтэса падпісвала псеўданімамі Ж.Заметкіна, Е.Іосіфава. Першыя пробы яе паэтычнага пяра заўважылі і ацанілі ў сярэдзіне 60-х гадоў крытыкі і чытачы. “Яўгенія Янішчыц, – зазначаў Дз.Бугаёў, – увайшла ў беларускую паэзію так, як гаспадыня ўваходзіць ва ўласны, добра абжыты дом, – свабодна, нязмушана і натуральна”. Падчас сканчэння школы і паступлення на вучобу ва універсітэт яна мела ўжо публікацыі ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях.
Першы зборнік вершаў маладой паэтэсы “Снежныя грамніцы” (1970) выйшаў, калі яна вучылася на пятым курсе БДУ. Кніга была вельмі добра ўсімі прынята, пра Я. Янішчыц многа і ўхвальна пісалася.
Імя паэтэсы хутка атрымала пэўную вядомасць, а яе творы друкаваліся не толькі ў беларускіх газетах, часопісах і калектыўных зборніках, але і на Украіне, у Расіі, у такіх цэнтральных выданнях, як “Молодая гвардия”, “Дружба народов”, “Литературная газета”, “Правда”, перакладаліся за мяжой.
Наступны зборнік “Дзень вечаровы” пабачыў свет у 1974 г., а ў 1978 г. быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У кнізе пашыраюцца далягляды, узбагачаецца вопыт, раскрываюцца новыя якасці лірычнага характару.
Этапным, паваротным прызналі крытыкі трэці зборнік вершаў Я. Янішчыц “Ясельда” (1978).
Свайго сталага майстэрства Я.Янішчыц дасягнула ў кнігах “На беразе пляча” (1980), “Пара любові і жалю” (1983; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, 1986), “Каліна зімы” (1987). Мысленне паэтэсы вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю.
У апошняй прыжыццёвай кнізе паэтэсы “У шуме жытняга святла” (1988) сабрана лепшае з напісанага за дваццаць гадоў літаратурнай працы. Звярталася Я. Янішчыц і да прозы, напісала некалькі апавяданняў, рэалістычных па сваёй фактуры і праўдзівых па сутнасці (“Кошык бульбы”, “Сардэчнасць”, “А я ўсіх шкадую” і інш.). Плённа працавала паэтэса ў галіне мастацкага перакладу, узнаўляючы па-беларуску вершы рускіх і ўкраінскіх паэтаў. Змяшчаліся ў друкаваных выданнях яе артыкулы пра паэзію, змястоўныя рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, водгукі з падрабязным аналізам твораў.
Пасля гэтай кнігі творы Я.Янішчыц пачалі прыходзіць да чытача ў выглядзе паэтычнай спадчыны. У 2000 г. выйшла кніга “Выбранае”, а ў 2008 г. – “Пачынаецца ўсё з любві…”, куды ўвайшло лепшае з напісанага паэтэсай. З 2016 па 2019 гады выдадзены тры зборнікі твораў Яўгеніі Янішчыц пад назвай “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”, у якіх размясціліся матэрыялы, якія не ўключаліся ў прыжыццёвыя паэтычныя зборнікі паэтэсы.
На Піншчыне шануюць памяць зямлячкі. У 1998 годзе да 50-годдзя з дня нараджэння паэтэсы ў Парэцкай школе быў адкрыты літаратурны музей Я. Янішчыц. Сёння ў ім захоўваецца каля 2000 экспанатаў. У вёсцы Парэчча ёсць вуліца, якая носіць імя Я. Янішчыц. На доме, дзе нарадзілася беларуская паэтэса, у 1998 годзе ўстановлена мемарыяльная дошка.
З мэтай ушанавання памяці “палескай кнігаўкі” 13 мая 1998 года яе імя было прысвоена Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, а ў Пінску адной з вуліц ў новым мікрараёне дадзена імя паэткі. У 2008 годзе Брэсцкі аблвыканкам прысвоіў імя Яўгеніі Янішчыц установе адукацыі “Парэцкая дзяржаўная базавая агульнаадукацыйная школа Пінскага раёна”.