Да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун

Да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун

Да 75-годдзя з дня нараджэння Валянціны Коўтун – паэтэсы, празаіка, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча

Калі мембранай стала ўся айчына, –
Мы з ёй нязменна правяраем слых.
Ці ж важна, як жывецца мне, адзінай,
Калі жывеш, як за сябе, за ўсіх.

(“На самай звонкай ноце…”)

Імя Валянціны Коўтун увайшло ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1960-х гадоў і стала адным са знакавых у яе гісторыі. Трываласць памяці пра пісьменніцу ўгрунтавана яе таленавітымі творамі, тым, што свой творчы лёс звязала з вялікімі дзяячкамі беларускага народа Еўфрасінняй Полацкай і Алаізай Пашкевіч (Цёткай), тым, што сама несла народу асвету і сцвярджала ўпэўненасць у перамозе Дабра.

Коўтун Валянціна Міхайлаўна (па мужу Новік) нарадзілася 6 красавіка 1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. у сям’і настаўнікаў Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны Колтунаў. Сем класаў будучая паэтэса скончыла ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на працу ў Жабчыцкую пачатковую школу, вучылася ў бліжэйшай Малоткавіцкай СШ, якую скончыла ў 1963 г. 1 верасня таго ж года была накіравана на працу піянерважатай у Паршэвіцкую СШ (цяпер Бярозавіцкая), дзе працавала да верасня 1964 г. У верасні 1964 г. стала студэнткай рускага аддзялення філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко. 9 красавіка 1968 г., шляхам пераводу з Львоўскага ўніверсітэта, была залічана на 4 курс рускага аддзялення філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверстэта. Пасля заканчэння вучобы (1969) настаўнічала на Гродзеншчыне, працавала літкансультантам “Сельскай газеты”, літсупрацоўнікам і рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса “Полымя”. З 1982 г. – загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей у выдавецтве “Юнацтва”, з 1990 г. – зноў у часопісе “Полымя”, старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай (1993-2011). Завочна скончыла аспірантуру пры БДУ. У інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму: “Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне” (1979).

Першыя паэтычныя творы В.М.Коўтун надрукавала ў 1966 г. у львоўскай газеце “Ленінська молодь” у перакладзе на ўкраінскую мову. У гэтым жа годзе яе вершы з’явіліся ў газеце “Літаратура і мастацтва” (“Чорны бусел”, “Золак – лось сахаты…”, “Над вёскаю зялёныя аблокі…” і інш.) і газеце “Чырвоная змена”. Выдала зборнікі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “На зломе маланкі” (1981), “Мы робім казку” (1983), “Метраном” (1985), “Вясёлы заасад”(1986), “Лісты да цябе” (1988), “Свяча любові” (2006), “Малітва да Калымы” (2009). За кнігу “Метраном” паэтэса ў 1986 г. была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова.

В.М. Коўтун з’яўляецца аўтарам шэрагу празаічных твораў, сярод якіх раман “Крыж міласэрнасці” (1988), прысвечаны выдатнай беларускай паэтэсе і грамадскай дзяячцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы), раман “Пакліканыя” (2007), прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, а таксама шматлікія апавяданні, частка якіх склала выдадзены ў 1988 г. зборнік “Калінавая гронка залатая”. Апошнія гады жыцця В.М.Коўтун працавала над раманам пад рабочай назвай “Над садам Іарданскім”, які так і не быў завершаны.

Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу В.М.Коўтун сумяшчала з актыўнай грамадскай працай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай. За дванаццацігадовы перыяд дзейнасці Фонду, і найперш неверагоднымі стараннямі В.М.Коўтун, арганізоўвалася асветніцкая праца сярод насельніцтва, праводзіліся міжнародныя кангрэсы, канферэнцыі, творчыя сустрэчы, наладжвалася міжнароднае супрацоўніцтва, на выдатным узроўні тварылася народная дыпламатыя. У гэты перыяд В.М.Коўтун праявіла сябе і як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.

В.М.Коўтун вядомая і як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў.

Выдатная дачка свайго народа, нястомная працаўніца Валянціна Міхайлаўна Коўтун пайшла з жыцця раптоўна 30 красавіка 2011г., адсвяткаваўшы толькі што свой шасцідзесяціпяцігадовы юбілей. Нам пакінула мноства шчырых і светлых твораў і вялікі прыклад працалюбства, волі, самаахвярнасці і бязмежнай любові да Чалавека.

Добавить комментарий