90 год з дня нараджэння Рыгора Барадуліна

90 год з дня нараджэння Рыгора Барадуліна

Рыгор Іванавіч Барадулін (24 лютага 1935, хутар Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць — 2 сакавіка 2014, Мінск) — беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Народны паэт Беларусі (1992).

Нарадзіўся ў сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была «Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета»), а ў 1937 годзе хутар быў ліквідаваны і сям’ю паэта перасялілі ва Ушачы. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе, скончыў яе ў 1954 годзе, затым на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1959 годзе.

Дэбютаваў вершамі ў 1953 годзе ў газеце «Чырвоная змена». Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці.

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972). Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Рыгора Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манументальныя вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны.

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята.

Памёр 2 сакавіка 2014 года ў сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў цярпення на хваробу Паркінсона. Быў адпеты ў Чырвоным Касцёле 4 сакавіка 2014 года ў грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах.

Добавить комментарий