Раіса Андрэеўна Баравікова (1947) – пісьменніца, перакладчыца, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1987), Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1993), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька, Андрэй Мікалаевіч Баравікоў, родам з Магілёўскай вобласці, ваяваў у 345-м партызанскім атрадзе Рамана Яроцкага і пасля вайны застаўся на Бярозаўшчыне, працаваў у райпо фінансістам. Маці, Ніна Уладзіміраўна (Шыманская), дзяўчынкай складала вершы на польскай мове, добра малявала.
Раіса рана пачала пісаць вершы, наведвала школьны літаратурны гурток. Калі аўтарцы споўнілася трынаццаць, яе вершы былі апублікаваны ў раённай газеце «Маяк коммунизма». Бярозаўскае літаратурнае аб’яднанне «Крыніца» (кіраўнік Яўген Сяленя) дало шчаслівы старт многім вядомым паэтам, у ліку якіх і Раіса Баравікова.
У 1965 годзе скончыла сярэднюю школу № 1 г. Бярозы. У гэтым жа годзе сям’я Баравіковых пераехала на радзіму бацькі, але Раіса Андрэеўна заўсёды з любоўю ўспамінае Пешкі і Бярозу, дзе прайшло яе шчаслівае дзяцінства. На ўсё жыццё засталіся любімымі тыя мясціны, дзе яна нарадзілася, зрабіла першыя крокі, пачула матчыну калыханку, дзе пачала пісаць вершы.
Працоўны шлях Раіса Баравікова пачала ў быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» на пасадзе літсупрацоўніка. Атрымала спецыяльнасць мастацкага перакладчыка ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам на кінастудыі «Беларусьфільм» (1971–1972), карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва» (1972–1977), у «Чырвонай змене». На працягу 1996–2000 гадоў была намеснікам, затым галоўным рэдактарам часопіса для жанчын «Алеся». У 2002–2011 гадах узначальвала часопіс «Маладосць», які пад яе кіраўніцтвам за кароткі час стаў адным з самых папулярных беларускіх выданняў. У 2011–2012 гадах — зноў у штотыднёвіку «ЛіМ», затым — у рэдакцыі дзіцячага часопіса «Вясёлка».
Першы зборнік вершаў Раісы Баравіковай «Рамонкавы бераг» выйшаў у 1974 годзе ў серыі «Першая кніга паэта». У 1977 годзе яна была прынята ў Саюз пісьменнікаў БССР. Затым свет пабачылі яе зборнікі паэзіі «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992),«Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007). Паэтычныя зборнікі Раісы Баравіковай — своеасаблівая энцыклапедыя кахання, напісаная ад імя жанчыны, якую кахаюць, і ад імя той, якая кахае сама. Вобраз лірычнай гераіні мае выразную біяграфічную аснову, за ёй — радасць і перажыванні, трагедыі і расчараванні паэткі, якая выбрала складаны шлях: выказванне ўласнага стану душы, увасабленне адценняў жывога, балючага, трапяткога пачуцця.
Сваю творчасць пісьменніца не абмяжоўвае толькі паэзіяй, яна актыўна працуе і ў іншых літаратурных жанрах: у прозе, драматургіі, мастацкім перакладзе. У 1980 годзе з’явілася яе аповесць пра каханне «Кватарантка», у 2002 годзе — зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў». З пад пяра Баравіковай-драматурга выйшлі п’есы: «Цётка Малання з Асаўца», «Пятля часу», гістарычная драма «Барбара Радзівіл».
Для дзяцей Раіса Андрэеўна напісала кнігі: «Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), «Дзве аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і жабяня Квыш-Квыш» (1996), «Вячэра для манекенаў» (2002), «Казкі астранаўта» (2006), «Казкі з гербарыя» (2008), «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў» (2010), «Ты не слухай Мішку, коцік!» (2013), «Матылёчкі-матылькі» (2014), «Свята ў хату. Народны каляндар часопіса “Вясёлка”» (2015), «Бусева школка. Казкі» (2015).
Перакладае на беларускую з рускай, украінскай і польскай моў. Для дзяцей пераклала казкі Ханса Крысціяна Андэрсена «Дзяўчынка з запалкамі», «Елка», братоў Грым «Жывая вада», «Кароль-жабяня, альбо Жалезны Гейнрых», «Мужычок», «Рапунцель» і інш.
Раіса Баравікова — актыўная ўдзельніца адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» (2015–2016) па папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры, падчас якога дзеці з абласных і раённых цэнтраў Беларусі не толькі пазнаёміліся з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, але і атрымалі практычныя навыкі валодання беларускай мовай у займальнай форме.
Здабыткі і дасягненні ў беларускай літаратуры Раісы Баравіковай высока адзначаны дзяржавай. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1987) за зборнік лірыкі «Каханне», Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1993) за кнігу «Люстэрка для самотнай», Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998) за кнігу «Сад на капялюшыку каханай».За плённую літаратурную працу пісьменніца ў 2008 годзе ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.