225 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота

225 гадоў з дня нараджэння Яна Чачота

Ян Тадэвушавіч Чачот (1796-1847 гг.) – беларуска-польскі паэт, драматург, фалькларыст, этнограф.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшычы Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён). Бацькі яго паходзілі са збяднелай, але старадаўняй шляхты.

У 1809 годзе пайшоў у наваградскую школу, дзе ў якасці настаўнікаў служылі манахі дамініканскага ордэна. Там пасябраваў з Адамам Міцкевічам, і гэта сяброўства абодва пранеслі праз усё жыццё. Навучанне было класічным: мовы, матэматыка, гісторыя, літаратура, права. Адам і Ян мелі здольнасці да вучобы, і іх імёны заўсёды былі сярод выдатнікаў.

У 1816 годзе паступіў у Віленскі універсітэт на аддзяленне маральных і палітычных навук. 16 красавіка 1818 года тут, ва ўніверсітэце,  паводле выдатнай рэкамендацыі Адама Міцкевіча быў прыняты ў члены Таварыства філаматаў.  На філамацкіх пасяджэннях Ян Чачот выступаў са сваімі творамі, з разглядам творчасці сяброў, з навуковымі паведамленнямі і аглядамі варшаўскага друку. На паэтычным турніры філаматаў быў прызнаны трэцім (пасля Адама Міцкевіча і Тамаша Зана) паэтам.

У 1823 годзе быў арыштаваны ў час выкрыцця тайных студэнцкіх згуртаванняў пры Віленскім універсітэце. У часе арышту ўжо сабраў значную колькасць народных песень, якія ўвайшлі ў яго рукапісны зборнік «Песенькі і іншыя творы».

У 1833 годзе яму дазволілі вярнуцца на Беларусь, у мястэчка Лепель, дзе ён уладкоўваецца канцылярыстам у інжынерным упраўленні Бярэзінскага канала, якое месцілася ў Лепельскім павеце. За добрую службу атрымаў чын губернскага сакратара. З 1841 па 1844 гг. працаваў бібліятэкарам у Шчорсаўскай бібліятэцы.

Шмат зрабіў Ян Чачот ў беларускай фалькларыстыцы.  Апублікаваў беларускія валачобныя, юр’еўскія, вясновыя, купальскія, калядныя, жніўныя, дажынкавыя, вясельныя, хрэсьбінныя, пазаабрадавыя, дзіцячыя песні.

У сваіх зборніках адзначыў дасканаласць народнай паэзіі, прааналізаваў граматычныя асаблівасці беларускай мовы і даказаў спецыфічнасць яе сістэмы. Беларуская культура стала светапоглядным падмуркам паэта, яна доўгія гады натхняла яго на служэнне навуцы і літаратуры.

Добавить комментарий