Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне ў сялянская сям’і. Шлях да асветы будучы пісьменнік пачаў са школы граматы ў Вялікай Багацькаўцы (1901-1903), затым была Вольшынская царкоўна-прыходская двухкласная школа (1903-1905) і настаўніцкія класы (1905-1908). У 1909 годзе Максім паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, дзе вучыўся на казённым кошце да 1913 года. Тут пачаў займацца творчасцю і ўжо не пакідаў гэты занятак нават у самыя цяжкія часы жыцця.
Пасля заканчэння вучылішча нядоўгі час працаваў землямерам на Віленшчыне, аднак хлопца чакала служба ў царскай арміі. Каб скараціць яе тэрмін і адслужыць толькі год замест прадугледжаных трох, М. Гарэцкі пайшоў у войска “вольнапісаным” і стаў “сувязістам артылерыйскай батарэі”. Гэта было ўлетку 1914 года, якраз напярэдадні Першай сусветнай вайны. Праз некалькі месяцаў ён быў цяжка паранены і пасля доўга лячыўся ў шпіталях Вільні, Магілёва, Масквы. Вярнуўся на фронт, у раён пінскіх балот, у афіцэрскім чыне прапаршчыка. Цяжкая хвароба вясной 1917 года прымусіла зноў блукаць па шпіталях Арла, Масквы, Жалезнаводска. Да цывільнай службы М. Гарэцкі прыступіў у Смаленску, дзе працаваў на пасадзе каменданта гарадскога жыллёвага аддзела, супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет.
📜У складзе рэдакцыі газеты “Звязда” пераехаў у Мінск, а затым у Вільню (1919), якая неўзабаве трапіла пад польскую акупацыю. Адно з месцаў працы М. Гарэцкага – Віленская гімназія, у якой ён пазнаёміўся з будучай жонкай Леанілай Чарняўскай. Займаўся літаратурнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю, за што ў 1922 годзе трапіў у сумна вядомую турму Лукішкі.
У кастрычніку 1923 года пераехаў з сям’ёй у Мінск. Выкладаў беларускую мову і літаратуру на рабфаку БДУ, у Камуністычным універсітэце БССР. У 1925 годзе ўвайшоў у склад Інбенкульта, пазней рэарганізаванага ў Акадэмію навук БССР. З 1926 года працаваў у Горацкай сельгасакадэміі. У верасні 1928 года вярнуўся ў Мінск, і ўжо зімой разам з іншымі нацыянальна арыентаванымі пісьменнікамі стаў аб’ектам злосных нападак у друку.
У 1930 годзе М. Гарэцкі арыштаваны па справе неіснуючага “Саюза вызвалення Беларусі”. Вясной 1931 года высланы ў Вятку, куды праз год да яго прыехала жонка з сынам і дачкой. У ліпені 1935 года тэрмін высылкі скончыўся, і Гарэцкія пераехалі ў Смаленск, бліжэй да Беларусі. Пісьменнік уладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў гарадскім пасёлку Пясочня. Ноччу з 3 на 4 лістапада 1937 года Гарэцкага арыштавалі па сфабрыкаванай справе. “Будучи непримиримым врагом Советской власти в течение ряда лет проводил контрреволюционую работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения, работая учителем школы обрабатывал учеников в контрреволюционном духе”. Пастановай “тройкі” 5 студзеня 1938 года прысуджаны да растрэлу, праз пяць дзён, 10 лютага, прысуд быў выкананы. Родным пісьменніка паведамілі іншую прычыну і дату смерці: кровазліццё ў мозг, 20 сакавіка 1939 года. Рэабілітацыя М. Гарэцкага адбылся ў 1957годзе.
Большая частка багатай літаратурнай спадчыны пісьменніка была апублікавана ўжо пасля рэабілітацыі. Сапраўднае асэнсаванне яго тытанічнай творчай і навуковай працы па-сапрўднаму пачалося толькі ў пачатку 1990-х гадоў. Як празаік М. Гарэцкі выступаў у розных жанрах, чым пашырыў жанравыя межы нацыянальнай літаратуры. У ліку яго набыткаў зборнікі апавяданняў “Рунь” (1914), “Досвіткі” (1926), аповесці “Антон” (1919), “Дзве душы” (1919), “Ціхая плынь” (1926 і 1930) і інш., дакументальна-мастацкія запіскі “На імперыялістычнай вайне” (1926), раманы “Віленскія камунары” (1965), “Камароўская хроніка” (1966), драматычныя творы… Як вучоны-літаратуразнаўца М. Гарэцкі напісаў першы падручнік па беларускай мове “Гісторыя беларускае літаратуры” (1926). Як мовазнаўца падрыхтаваў і выдаў шэраг перакладных слоўнікаў. Акрамя таго, быў збіральнікам фальклору, літаратурным крытыкам і публіцыстам, выдаўцом-рэдактарам. Аднак заўчасна перарванае жыццё не дазволіла рэалізавацца ўсім магчымасцям і планам выдатнага беларускага дзеяча.