Пятрусь Броўка (1905 – 1980) – таленавіты паэт і грамадскі дзеяч, чыя творчая індывідуальнасць складвалася ў пераломны для Беларусі час. Акадэмік Акадэміі наук Беларусі (1966, член-карыспандэнт з 1953). Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1975). Герой Сацыялістычнай Працы (1972).
Нарадзіўся ў вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў БДУ (1931). З 1918г. працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925г. накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ. У 1927-1928гг. – адказны сакратар газеты «Чырвоная Полаччына». З 1940г. – рэдактар часопіса «Полымя». У 1941-1942гг. працаваў у франтавой газеце «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партызанскім друку. З 1943г. – адказны сакратар СП БССР, з 1945г. – рэдактар часопіса «Полымя». У 1948-1967гг. – старшыня праўлення СП БССР, у 1967-1980гг. – галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Пятрусь Броўка ўваходзіў у літаратуру ў паслярэвалюцыйны час з настроем апантанай радасці, узнёслай узрушанасці і энтузіязму. Вершы першых зборнікаў «Гады як шторм», «Прамова фактамі» (абодва 1930), «Цэхавыя будні» (1931) усхвалялі святочна-пышную прыроду і не менш святочныя працоўныя будні. Паэт захапляўся героікай жыцця, перадаваў яго напружаны рытм, радаваўся далучанасці свайго пакалення да перабудовы свету. Радасна-ўзнёслая паэзія П.Броўкі канца 1920-х – пачатку 1930-х гг. была блізкая лірыцы «маладнякоўцаў»: паказвала руйнаванне старога свету і нараджэнне новага.