Мікола (Мікалай Паўлавіч) Лобан – адзін з найбольш значных майстроў беларускай прозы, таленавіты мастак слова, вядомы як аўтар раманаў, апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў аб праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці.
Нарадзіўся ён у в. Чаплічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1931 г. двухгадовыя педагагічныя курсы ў Слуцку, працаваў настаўнікам у вёсках Любанскага і Рудзенскага раёнаў. У 1939 г. паступіў у Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт, але неўзабаве перавёўся на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ён, студэнт другога курса, добраахвотнікам пайшоў на фронт, удзельнічаў у баях пад Ленінградам, быў двойчы цяжка паранены. Дэмабілізаваўшыся, зноў працаваў выкладчыкам мовы і літаратуры ўжо ў адной са школ Казахстана. У 1945 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1944–1967 і 1968–1975 гг. працаваў у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР, у 1967–1968 гг. – у Галоўнай рэдакцыі выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”.
Дэбютаваў апавяданнем у 1930. Аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953).
У трылогіі «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя перыяды ў гісторыі краіны з пач. ХХ ст. (рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму ў Вялікую Айчынную вайну).
Аўтар апавяданняў, мовазнаўчых даследаванняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменніцкага майстэрства, псіхалогіі творчасці. У 1984 выйшла кніга артыкулаў і эсэ «Пяць раніц тыдня». У 1986 — Выбраныя творы ў 3-х тамах.
Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М. Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977-84, рэдактар т. І).
Пераклаў аповесць М. Горкага «У людзях» (з Э. Агняцвет, 1952).
Памер Мікалай Паўлавіч 28 снежня 1984 года.