МІХАІЛ АНДРЭЕВІЧ САВІЦКІ (18.02.1922-8.11.2010) – Герой Беларусі, народны мастак СССР, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, акадэмік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін г. Мінска.
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі быў адным з выдатных прадстаўнікоў нацыянальнага выяўленчага і манументальнага мастацтва, тых самабытных майстроў, якія вызначаюць дасягненні беларускага жывапісу другой паловы ХХ і пачатку ХХI стагоддзя.
М.А. Савіцкі нарадзiўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1940-м быў прызваны ў Чырвоную Армію. Дваццацігадовы юнак, салдат Савецкай арміі, які змагаўся ў баях за горад Севастопаль і быў паранены на Херсанесе, апынуўся ў канцлагерах Бухенвальд, Дахау, Мітэльбау, Дора, дзе цалкам падзяліў трагедыю народаў Еўропы, але ж цудам застаўся ў жывых, каб пасля пэндзлем адлюстраваць на палотнах страшэнную і горкую праўду аб жорсткай вайне, нязломнасці духу народа.
Пасля вайны М.А. Савіцкі скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1957 годзе – Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава з адзнакай, пасля чаго жыў і працаваў у Мінску. З 1981 года з’яўляўся кіраўніком Творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі і скульптуры.
М.А. Савіцкім было створана больш за 200 тэматычных работ, у якіх ён развіваў традыцыі рэалістычнага мастацтва. Вызначальным стрыжнем творчых пошукаў М.А. Савіцкага з’яўляўся Чалавек, яго светаразуменне, маральная сутнасць, характар у складаным дыялектычным развіцці. Аптыміст і жыццялюб, М.А. Савіцкі на працягу ўсёй сваёй творчасці самааддана адстойваў сваім майстэрствам гуманістычныя ідэалы. З’яўляючыся многія гады настаўнікам таленавітай моладзі, ён набыў велізарны аўтарытэт і павагу як у Беларусі, так і далёка за яе межамі.
Творчасць М.А. Савіцкага вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснага, філасофскім іх асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. М.А. Савіцкі з’яўляецца аўтарам шырока вядомых жывапісных твораў, прысвечаных гераічнай партызанскай барацьбе супраць гітлераўскіх захопнікаў: “Партызаны”, “Партызанская мадонна”, “Віцебскія вароты”, “Поле”, “Плач па загінулых героях”, а таксама цыкла з 16 карцін “Лічбы на сэрцы” і трыпціха “Агрэсія”, прасякнутых антыфашысцкім пафасам і публіцыстычнасцю. Шмат карцін прысвечана тэме гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: “Сейбіты”, “Віленскія сустрэчы”; цыкл палотнаў для Дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы ў Мінску. Маштабнасць і сімвалічнасць мастацкай мовы характэрныя для яго манументальных работ: роспісы “Вялікая Айчынная вайна. 1944” у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і “Эстафета пакаленняў” у санаторыі “Беларусь” у Місхоры, габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер – Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; тры апошнія – у суаўтарстве з А.Кішчанкам); серыя работ “Чорная быль”, што адлюстравала трагедыю беларускага народа, які пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы.
Палотны М.А. Савіцкага захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі гісторыі горада Мінска, Трацякоўскай галерэі (Масква), фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай галерэі г. Сафіі (Балгарыя) і інш.