“Янішчыцкі лістапад”

“Янішчыцкі лістапад”

У бібліятэках Пінскага раёна завяршыўся Тыдзень папулярызацыі  творчасці  вядомай паэткі Беларусі Яўгеніі Янішчыц “Янішчыцкі лістапад” .

Дакрануцца да спадчыны “палескай ластаўкі” прыхільнікі паэзіі змаглі праз правядзенне  мноства мерапрыемстваў. У бібліятэках Пінскага раёна прайшлі  гадзіны паэзіі, літаратурныя партрэты, літаратурныя вечары, конкурсы чытачоў, агляды  творчасці паэтэсы, аформлены кніжныя выставы.

Так, напрыклад, у Пінкавіцкай сельскай бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі  «Палесся мілае дзіця». Удзельнікам мерапрыемства бібліятэкар нагадала старонкі жыцця беларускай паэтэсы, пазнаёміла  з  літаратурнай творчасцю і паэтычнымі зборнікамі знакамітай зямлячкі. На працягу сустрэчы гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц. Чытач, Курчаў Дзіма, падзяліўся сваімі  ўражаннямі  ад наведвання літаратурнага музея паэтэсы ў вёсцы Парэчча. Цікавасць у школьнікаў выклікала і кніжная выстава “Ластаўка палеская”. Шчырая размова пакінула добрыя ўражанні ад сустрэчы з сапраўднай класікай беларускага паэтычнага слова.

 “Я дзякую за тое, што было…” – пад такой назвай прайшло выступленне літаратурна-паэтычнай групы ў Лагішынскай ГпБ. Школьнікі Лагішынскай сярэдняй школы з цікавасцю слухалі аповед пра творчы і жыццёвы шлях  паэткі, аб каханні да роднага Палесся, да маці, да сына,   чыталі яе вершы. У час правядзення мерапрыемства дэманстравалася  прэзентацыя “Непрыручаная  птушка Палесся”, была аформлена  кніжная выстава: “Зорка беларускай паэзіі”.

Ушанаванне памяці знакамітай зямлячкі здзейснілася і на малой радзіме паэткі, у Парэцкай сельскай бібліятэцы. У конкурсе чытачоў пад назвай “Прыедзь у край мой ціхі” прынялі ўдзел вучні Парэцкай базавай школы.

Разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Яўгеніі Янішчыц прайшлі ў Мерчыцкай, Валішчанскай, Жыдчанскай, Малоткавіцкай, Кашавіцкай, Плешчыцкай, Кончыцкай  і  іншых бібліятэчных установах, але тэматыка і сэнс размоў адзіны – Яўгенія Янішчыц за сваё нядоўгае жыццё пакінула вялікую паэтычную спадчыну для Беларусі і стала адным з сімвалаў Палесся. Постаць Яўгеніі Янішчыц – з шэрагу знакавых асоб Беларусі.

Н.У.Паўлюкавец,
гал.бібліятэкар АБМ
ЦРБ імя Я.Янішчыц

Добавить комментарий