Гэты ранак мяне паклікаў…
I паўторыцца зноў адно:
Я, любові тваёй галінка,
Тонка стукаюся ў акно.
Л. Тарасюк
Вёсачка Пінкавічы даволі вядомая сярод літаратараў Беларусі. Спалучэнне прыгажосці прыроды і ветлівасці мясцовых жыхароў у свой час натхніла вялікага беларускага пісьменніка Я.Коласа на напісанне бессмяротных твораў. Але сення мы ўспамінаем зорачку пінкавіцкай зямлі Любоў Тарасюк.
Больш за 65 год таму назад 7 снежня 1953 года тут нарадзілася таленавітая дзяўчынка, якой было наканавана стаць паэткай, літаратуразнаўцай, кандыдатам філалагічных навук, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пінкавіцкая сельская бібліятэка вядзе вялікую краязнаўчую дзейнасць аб жыцці і творчым шляху Любові Тарасюк. У бібліятэцы створаны куток памяці знакамітай зямлячкі, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы, кнігі, дыпломы і дыпломныя работы. Памяць аб паэтке не згасае з цягам часу. Частымі наведвальнікамі з’яўляюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і вучні Пінкавіцкай і гарадскіх школ.
Вось і напярэдадні дня нараджэння Любові Тарасюк бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю Пінкавіцкую сельскую бібліятэку наведалі вучні сярэдняй школы №6 горада Пінска. Дзеці больш падрабязна пазнаёміліся з жыццем і творчым шляхам паэткі. Цікавасць выклікалі асабістыя рэчы, асабліва школьныя дзённікі, якія беражліва захоўвае бібліятэка.
Асабліва натхнённа гучаць у гэтыя дні і вершы Любы Тарасюк, лёс якой неадрыўна быў звязаны з родным краем. Яе вершы, прысвечаныя роднай вёсцы Пінкавічы , увайшлі ў залаты фонд айчыннай паэзіі.
“..Мой бераг родны , ціхая рака
Люляла-цешыла і калыхала,
І добрай вёскі цёплая шчака
Да хваляў лашчылася закахана…”
З кожным годам палеская літаратурная зорка Любоў Тарасюк адкрывае ўсё больш і больш прыхільнікаў яе таленту.
Святлана Мажароўская,
бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай бібліятэкі