Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, –
Ты самацветаў яскравая нізка.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца…
Уладзімір Дубоўка
Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі.
21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Да гэтай даты ў бібліятэках афармляліся кніжныя выставы, праводзіліся літаратурныя вандроўкі, віктарыны, кнігападарожжы, урокі роднай мовы, агляды творчасці знакамітых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, і шэраг іншых мерапрыемстваў, лейтматывам якіх быў заклік да шанавання і зберажэння роднай спадчыны – матчынай мовы.
У Кончыцкай сельскай бібліятэцы ў Дзень роднай мовы былі праведзены віктарына “Вітаем кніжку беларускую” і гульня “Перакладчык”. У Мерчыцкай сельскай бібліятэцы была арганізавана гульня-падарожжа “Маё любімае беларускае слова”, у Дамашыцкай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурная вандроўка “Жывыя вытокі”. У Кашавіцкай сельскай бібліятэцы для вучняў ДзУА “Кашавіцкая сярэдняя школа” прайшло кнігападарожжа “Загадкі роднай мовы” і агляд кніжнай выставы “Мова – духоўны скарб народа”. Бібліятэкары Плешчыцкай сельскай бібліятэкі правялі для вучняў ДзУА “Плешчыцкая сярэдняя школа” урок роднай мовы “Матчына мова”, падчас мерапрыемства быў праведзены агляд кніжнай выставы “Мова народа як святыня”.
Шмат шчырых слоў было сказана пра родную мову, яе багацце і прыгажосць. Наша мова – наш здабытак і наш скарб!
Папіціч Л.І.,
загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу
ЦРБ імя Я.Янішчыц