Першая творчая вечарына клуба літаратараў “Пінчукі” Новага 2017 года ў Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц
пачалася азнаямленнем чытачоў і прыхільнікаў паэзіі з творчасцю знакамітага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста Георгія Марчука, названай “Падарожжа ў чалавечае жыццё”, прысвечанае 70-годдзю юбіляра.
Мерапрыемства не выпадковае – Георгій Васільевіч наш земляк, родам з Давыд-Гарадка, што на Століншчыне, які ахапіла межамі беларускае Палессе, са сваім самабытным укладам жыцця, традыцыямі і звычаямі. Што безумоўна паўсплывала на станаўленне творчай асобы палешука. На вялікі жаль, сам юбіляр на сустрэчу з’віцца не змог па стану здароў’я. Тым не менш, мерапыемства адбылося. Вядучыя – супрацоўнікі бібліятэкі –шматгранна пазнаёмілі слухачоў з біяграфіяй чалавека, які сваім надзеленым прыродай талентам, самаадданай творчай працай зрабіў гучным не толькі сваё імя, але і ўславіў роднае Палессе.
Напомню толькі некаторыя моманты з жыцця Георгія Марчука.
З маленства Георгій сербануў гора, застаўшыся сіратой. Гадаваўся ў дзядулі з бабуляй. Вучоба ў школе дапамагла хлопчыку не толькі праявіць талент арганізатара ды актыўнага ўдзельніка самадзейнасці, але і заклала ў ягонай душы расточкі рэжысёрскіх здольнасцей. Выбар прафесіі быў беспамылковы: Беларускі тэатральна — мастацкі інстытут. Далей – двухгадовыя рэжысёрскія курсы ў Маскве. Пасля заканчэння вучэбных устаноў працуе галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 2005 года з’яўляецца сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі. Спадчына аўтара складаецца з васьмі раманаў, больш за пяцьдесят п’ес, пяці кінасцэнарыяў, шматлікіх апавяданняў і казак. Па сцэнарыях пісьменніка знятыя многія фільмы. За экранізацыю свайго рамана “Кветкі правінцыі” Георгій Марчук адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1996 годзе. Узнагароджаны медалём Расійскай акадэміяй славеснасці “Ревнителю Просвещения”. У 2009 годзе быў намініраваны на Нобелеўскую прэмію. З’яўляецца лаўрэатам прэміі Саюза пісьменнікаў Расіі за кнігу “Салодкія слёзы”. Узнагароджаны медалём святой велікамучаніцы, вызваліцельніцы вязняў Анастасіі, Беларускай Праваслаўнай царквы.
Вядучыя праграмы паведамілі, што ў фондах бібліятэк знаходзіцца чатырыста адзін экзэмпляр кніг аўтара, імя Георгія Марчука заўсёды на слуху ў чытачоў і яго кнігі запатрэбаваны.
Любяць і ягоныя песні. Дарэчы, песня на словы Георгія Марчука “Мой родны Пінск” прагучала ў выкананні Вольгі Лемяшэўскай. Таварышы па пяру, удзельнікі клуба літаратараў “Пінчукі” таксама прымалі актыўны ўдзел у вечарыне. Васіль Алешка распавёў слухачам аб уражаннях прачытаных кніг юбіляра, чытаў свае вершы. Бард Віктар Мяцельскі выканаў песню. Чытала свае вершы і аўтар гэтых радкоў, а вось Алёна Ігнацюк імпрэтавала асобныя празаічныя творы Георгія Васільевіча. На вечар-сустрэчу прыехала школьная таварка юбіляра Ашуркевіч Ніна Ільінічна, былая настаўніца сярэдняй школы з вёскі Малоткавічы. Цікавым быў яе ўспамін школьных гадоў Георгія. Наогул, вечарына прайшла змястоўнай і шчырай, у акружэнні настаўнікаў, вучняў гімназіі №1, бібліятэкараў, членаў клуба літаратараў “Пінчукі”, проста нераўнадушных прыхільнікаў творчасці Георгія Марчука, што ў цэлым стварыла вакол сябе добразычлівую атмасферу.






