Гонар Пінкавіцкай зямлі

Гонар Пінкавіцкай зямлі

Мой бераг родны, цiхая рака
Люляла – цешыла i калыхала,
I добрай вёскi цёплая шчака
Да хваляў лашчылася закахана…
Л.Тарасюк

У Год малой Радзімы бібліятэкары надаюць вялікую ўвагу сваім знакамітым землякам. Ёсць для кожнага чалавека месца на зямлі, дзе паветра мае асаблівы водар, дзе чысцей раса, неба блакітней, дзе сэрцу надаецца такая моц, што хочаццца ствараць,ляцець і спяваць аб цудоўным  краі, што завецца Радзімай.

Менавіта тут  у глыбінцы палескай вёсачкі Пінкавічы, дзе суквецце прыроды і прыветлівасці  людзей, якое ў свой час натхніла беларускага пісьменніка  Якуба  Коласа на напісанне безсмяротных твораў, 65 год таму назад 7 снежня  1953 года нарадзілася дзяўчынка, якой наканавана стаць  паэткай, літаратуразнаўцай, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, гонарам палескай зямлі – Любоў Тарасюк. У гэты дзень у Пінкавіцкай сельскай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны знакамітай зямлячцы ”Паэтка з грамадзянскай перакананнасцю”. Бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу “Паўстане ў квецені мой след глыбокі…”. На гэтую сустрэчу прыйшлі вучні Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Я.Коласа.  Гучалі вершы паэткі ў выкананні чытачоў бібліятэкі. Сваімі ўспамінамі аб Любові Тарасюк, як аб выкладчыку і творчай таленавітай зямлячцы, падзялілася  Петрашкевіч Наталля Іванаўна, настаўніца Пінкавіцкай сярэдняй школы. Бібліятэкар Святлана Мажароўская  прачытала свой верш, прысвечаны Любові Тарасюк. Святочны настрой падтрымалі ўдзельнікі  фальклорнага калектыва “Крыніцы”. Вялікую цікавасць выклікаў куток памяці Любові Тарасюк, дзе  захоўваюцца асабістыя рэчы, кнігі, дыпломы і дыпломныя работы, які створаны ў бібліятэцы.

Аднавяскоўцы ганарацца сваёй таленавітай зямлячкай і плацяць ёй незабыўнай памяццю.


Бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай
бібліятэкі Святлана Мажароўская

Добавить комментарий