70 год з дня нараджэння Анатоля Шушко

70 год з дня нараджэння Анатоля Шушко

Анатоль Іванавіч Шушко (19 ліпеня 1954г. — 8 лістапада 2018г.) — беларускі пісьменнік.

Нарадзіўся ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Сваімі першымі настаўнікамі лічыць маці Ганну Рыгораўну (Сякерыч), настаўніцу гісторыі і геаграфіі, і бацьку Івана Канстанцінавіча Шушко. У 1971 г. Анатоль Шушко паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля заканчэння БДУ (1976) — настаўнік Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, Поразаўскай спецшколы-інтэрната Свіслацкага раёна. Працаваў рабочым і будаўніком на Міншчыне і Гомельшчыне, выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, вартаўніком, карэспандэнтам раённых газет. Першы апублікаваны верш Анатоля Шушко з’явіўся ў газеце «Піянер Беларусі» (1969). Яшчэ школьнікам друкаваўся ў часопісе «Бярозка», газеце «Чырвоная змена». Пачаткам сапраўднага паэтычнага мастацтва можна лічыць падборку вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (1971), якая з’явілася дзякуючы Варлену Бечыку. Вершы пачынаючага паэта адразу заўважыла літаратурная Беларусь, творчая інтэлігенцыя прарочыла яму вялікую літаратурную будучыню.

Вершы Анатоля Шушко друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», «Беларуская думка», калектыўных паэтычных зборніках «На ладонях Припяти и Пины», «Маладыя галасы» (1985), «Галасы вёснаў» (1997), альманахах «Дзень паэзіі» (1991, 2005), «Люблю будзённы дзень» і ў расійскім альманаху «Москва» (у перакладзе В. Грышкаўца), а таксама ў цэнтральнай і мясцовай перыёдыцы. У 1994 годзе ў серыі «Бібліятэчка часопіса „Маладосць“» пабачыла свет кніга А. Шушко з глыбокай філасофскай назвай «Выток і прычасце».

У 2012 годзе выйшаў другі зборнік вершаў паэта «Шаны», за які атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі». Кнігай «Шаны» Анатоль Шушко паставіў сябе ў адзін шэраг з лепшымі паэтамі Брэстчыны — Міколай Засімам, Міхасём Рудкоўскім, Міколай Купрэевым, Нінай Мацяш… Анатоль Іванавіч ахвотна сустракаўся з чытачамі ў бібліятэках, з настаўнікамі і вучнямі ў школах, са студэнтамі, умеў па-мастацку чытаць свае творы. Штогод наведваў літаратурнае свята «Лунінская восень» на Лунінеччыне. Удзельнічаў у рабоце клуба літаратараў «Пінчукі», створанага ў 2016 г. пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з сакавіка 1997 года; у 2006 годзе выйшаў з СБП і ўступіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2014).

8 лістапада 2018 г. Анатоль Іванавіч Шушко заўчасна пайшоў з жыцця. Пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну і добрыя ўспаміны. Рыхтаваў свой новы зборнік «Сэрцу соладка, ясна, трывожна», але выдадзены ён ужо пасмяротна ў маі 2019 г. У кнігу ўключылі вершы, прысвечаныя Анатолю Шушко.

 

Добавить комментарий