14 лютага 2021 года спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга Уладзіміра Ягоўдзіка.
Уладзімір Ягоўдзік нарадзіўся ў вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай, Зэльвенскай школах-інтэрнатах.
У 1978 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння працаваў карэспандэнтам Брэсцкай абласной газеты «Заря», рэдактарам Брэсцкай абласной студыі тэлебачання, супрацоўнікам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», рэдактарам, галоўным рэдактарам часопіса «Дзеці і мы». Адначасова ў 1997–2003 гадах працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка».
Яго вядомыя шырокаму чытачу кнігі прозы – «Стронга» (1984), «Вочы Начніцы» (бібліятэка часопіса «Маладосць», 1989), «Прыручэнне птушкі» (1989), зборнік казак «Сонейка, свяці!» (1988).
Уладзімір Ягоўдзік – вялікі аматар і знаўца роднай прыроды. З вялікай павагай адносіцца да ўсяго жывога і заклікае да гэтага сваіх чытачоў. Вядомы празаік з’яўляецца заснавальнікам унікальнай серыі «Скарбы Радзімы», у якой выдаюцца прыгожыя каляровыя кніжкі на роднай мове для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Гэтыя кнігі аўтар прысвячае помнікам прыроды, птушкам і звярам беларускіх лясоў, рэкам, азёрам і гарадам нашай Бацькаўшчыны.
Вядомымі з’яўляюцца кнігі аўтара пра гістарычнае мінулае нашай краіны, а таксама казкі, п’есы, якія ставяцца ў лялечных і драматычных тэатрах краіны, на Беларускім радыё і тэлебачанні.
Узнагароды і прэміі:
- Прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993);
- Прэмія імя Янкі Маўра (1994)
Уладзімір Ягоўдзік выступае ў перыядычным друку як літаратурны крытык, а таксама з мастацтвазнаўчымі артыкуламі пра самадзейных і прафесійных мастакоў рэспублікі Беларусь. Перакладае з рускай і ўкраінскай моў творы мастацкай літаратуры.