55 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АЛЕСЯ БАДАКА

55 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АЛЕСЯ БАДАКА

У сучаснай беларускай літаратуры добра вядома імя Алеся Бадака.Празаік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, перакладчык… А яшчэ – дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Аляксандр Мікалаевіч Бадак нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых. Пасля заканчэння Федзюкоўскай сярэдняй школы ў 1983 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля заканчэння БДУ ў 1990 годзе застаўся ў Мінску, дзе жыве і працуе сёння.

Першыя вершы Алеся Бадака з’явіліся ў газеце “Піянер Беларусі” ў 1979 годзе. З 1982 года паэт стаў актыўна друкавацца ў розных перыядычных выданнях, яго творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Маладыя галасы», «Вусны», «Дзень паэзіі», «Тутэйшыя», гучалі ў радыёперадачах «Жывое слова», «Рамантыкі» і інш.

З’яўляецца аўтарам больш за 10 паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень. На вершы аўтара складалі песні Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка, Алеся. Пазней пачаў выдаваць прозу і творы для дзяцей.

Творы Аляксандра Мікалаевіча перакладаліся на рускую, венгерскую, сербскую, таджыкскую, азербайджанскую, казахскую і іншыя мовы.

Узнагароды і прэміі:

✔️Прэмія «Залаты апостраф» (2003)
✔️Прэмія «Залаты купідон» за найлепшую кнігу года ў намінацыі «Публіцыстыка» (2008; за кнігу «Расліны: батанічныя эцюды»)
✔️Прэмія СНД «Зоркі Садружнасці» (разам з А. Карлюкевічам) (2014)
✔️Прэмія Васіля Віткі (2015)
✔️Ордэн Францыска Скарыны (2020)

У апошнія гады Аляксандр Мікалаевіч рэгулярна публікуецца ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Узначальваў рэдакцыйную калегію 24-томніка «Всемирная история» (выдавецтва АСТ).

Добавить комментарий