Ян Антоні Тадэвушавіч Чачот (1796–1847) – беларуска-польскі паэт, драматург, фалькларыст, этнограф.
Нарадзіўся 7 ліпеня 1796 года ў вёсцы Малюшыцы Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён). Вучыўся ў Навагрудскай дамініканскай школе разам з Адамам Міцкевічам, з якім сябраваў, а потым на аддзяленні маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. За ўдзел у таварыстве філаматаў быў арыштаваны ў 1823 годзе і сасланы на Урал. У ссылцы жыў у Кізільскай крэпасці, Уфе, Цверы.
У 1833 годзе дазволілі вярнуцца ў Беларусь, працаваў у кіраўніцтве Бярэзінскага канала на Лепельшчыне. З 1841 года працаваў бібліятэкарам у бібліятэцы графа А. Храптовіча ў Шчорсах.
Першыя вершы напісаў каля 1818 года ў час навучання ў Віленскім універсітэце і ўдзелу ў таемным таварыстве філаматаў. Аўтар шматлікіх вершаў і балад на беларускай і польскай мовах, сярод якіх «Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Наваградскі замак».
Сабраў і выдаў каля 957 народных песень, найбольш вядомы зборнік «Песні вясковыя з-над Нёмана і Дзвіны» (1837). Некаторыя яго вершы паклаў на музыку кампазітар Станіслаў Манюшка.

