5 сакавіка 2021 года спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы.
Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння народнага вучылішча вучыўся ў чатырохкласным гарадскім вучылішчы, спачатку ў Стоўбцах, затым у мястэчку Койданава. У 1930 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ.
Літаратурная дзейнасць К. Крапівы пачалася яшчэ ў Чырвонай Арміі з простай газетнай карэспандэнцыі, фельетонаў на бытавыя і палітычныя тэмы. Пасля яны склалі яго першыя зборнікі баек «Асцё» і «Крапіва» (абодва 1925).
Байкі – вяршыня шматграннай паэтычнай творчасці К. Крапівы. Мінуў не адзін дзесятак год з часу іх напісання, а яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю, свежасцю мастацкіх форм і мовай.
Не менш значнае месца ў літаратурнай спадчыне К. Крапівы займае і драматургія. З яго п’есамі ў беларускую літаратуру ўвайшлі героіка і сатыра, лірыка і эпічны эпас, жанравае і стылёвае багацце.
Народны пісьменнік Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы і заслужаны дзеяч навук Беларусі Кандрат Крапіва вядомы не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі. Многія з яго неўміручых сатырычных твораў і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, з’яўляюцца своеасаблівай школай мастацкага майстэрства. “Дыпламаваны баран” і “Хто смяецца апошнім” – толькі за гэтыя творы Кандрату Крапіве было наканавана назаўжды застацца ў залатым фондзе беларускай літаратуры.