Я далёка цяпер
Ад палескіх раўнін,
А люблю ж я той край,
Бы яго родны сын,
I па ім маё сэрца баліць…
Я. Колас
Палессе. Піншчына. Пінкавічы. Менавіта тут жыў і працаваў амаль на працягу шасці гадоў наш славуты паэт, празаік, драматург і вучоны, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі, акадэмік Якуб Колас. Пінкавіцкі перыяд займае важнае месца ў біяграфіі паэта. Менавіта ў Пінкавічах бярэ пачатак літаратурная дзейнасць Я. Коласа, і менавіта тут паэт шліфуе свой педагагічны талент. Тут ён пісаў вершы па-руску з паметкай “село Пинковичы”. Усе яны, а іх каля 20, датуюцца 1905 годам. Гэта быў плённы перыяд і ў творчым і ў асабістым яго жыцці. Палескія ўражанні пісьменніка знайшлі глыбокае мастацкае ўвасабленне ў яго літаратурных творах: апавяданне “Бунт”, трылогія “На ростанях”, верш “Палессе” і іншыя творы.
Святкаванне 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа ахапіла ўсю Беларусь. У Пінскім раёне ў цэнтры ўрачыстых свят прайшло раённае літаратурнае свята “Якуб Колас і Палессе”, арганізаванае цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. У вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна сабраліся літаратары, бібліятэкары і вучні Пінкавіцкай сярэдняй школы, каб ушанаваць памяць вялікага беларускага песняра, які ўсімі сіламі і усім сэрцам служыў працоўнаму народу.
Сустракалі гасцей свята музычныя замалёўкі ў выкананні Пінкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У фае Дома культуры разгарнуліся яскравыя кніжныя выставы “Якуб Колас: пясняр зямлі беларускай”, “Паэзія пінскіх крыніц” і выстава работ народных умельцаў “Майстэрства рук і сэрца”.
Пачалося свята з песні «Мой родны кут…» на словы Я. Коласа. Адкрыў літаратурнае свята намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Георгіевіч Палхоўскі. Сапраўдным ўпрыгожаннем сталі тэатралізаваныя ўрыўкі з трылогіі «На ростанях», аповесці “На прасторах жыцця”, верша “Песня над калыскай”, вершаванай казкі “Дзед і мядзведзь” у выкананні бібліятэкараў Малоткавіцкай, Калавуравіцкай, Дамашыцкай, Бабрыкоўскай і Парахонскай сельскіх бібліятэк – гледачы з захапленнем глядзелі сцэны жыцця сельскага настаўніка, прыгод дзеда і спеў матулі над калыскай. Са сцэны ліліся мілагучныя беларускія песні і незабыўныя вершы Якуба Коласа. Пра тое як шчыра шануюць памяць аб народным паэце на Піншчыне расказала былы кіраўнік народнага літаратурна-краязнаўчага музея Я. Коласа Ніна Рыгораўна Палавец. Выступілі знакамітыя літаратары Піншчыны – член Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Іванавіч Шушко і старшыня Брэсцкага аддзялення пісьменнікаў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Іванаўна Ляшук.
Затым госці свята наведалі народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў Пінкавічах, які знаходзіцца на тым самым месцы, дзе стаяла драўляная школа, у якую ў 1904 годзе прыехаў працаваць яшчэ невядомы малады настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, у будучым народны паэт Беларусі Якуб Колас. Цікавую экскурсію правяла кіраўнік музея Жана Верыч, пад час якой паведаміла пра жыццё паэта на Палессі, пазнаёміла з успамінамі мясцовых жыхароў пра Коласа, яго жыццём.
К.Л.Міхалевіч,
загадчык аддзелам бібліятэчнага
маркетынгу ЦРБ імя Я. Янішчыц