Прэзентацыя трэцяга тома  “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”

Прэзентацыя трэцяга тома “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”

Я навекі ў цябе закахана,
Родны краю, Палессе маё!
Тваю песню, якой ускалыхана,
Як маяк, пранясу праз жыццё.

Я.Янішчыц

29 лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яўгеніі Янішчыц адбылася важная падзея – прэзентацыя трэцяга тома чатырохтомнага выдання “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі”.

Трэці том “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі” выйшаў у “Выдавецкім доме “Беларуская навука” і ўключае наступныя раздзелы: “Творы, якія публікаваліся”, “Творы з архіваў, музея”, “Вучнёўскія і недапрацаваныя творы”, Навуковыя каментарыі і Дадаткі. Змест складаюць вершы і песні Яўгеніі Янішчыц, напісаныя ў перыяд з 1963 па 1988 гады, якія не ўключаліся ў прыжыццёвыя паэтычныя зборнікі паэтэсы – гэта вершы, якія пабачылі свет пры жыцці паэтэсы толькі ў газетах і часопісах, і якія па розных прычынах засталіся ў аўтографах, машынапісах, захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Літаратурным музеі Яўгеніі Янішчыц ці ў сямейным архіве паэтэсы. Унікальнасць дадзенага тома ў тым, што сярод 780 прадстаўленых твораў, якія друкаваліся, каля 360 вершаў чытач убачыць упершыню.

На прэзентацыю новай кнігі прыехалі адна з укладальнікаў выдання паэтэса Тамара Пятроўна Аўсяннікава, родныя – стрыечныя брат і сястра Рыгор Васільевіч Патапчук і Раіса Дзмітрыеўна Баран, пляменніца Таццяна Міхайлаўна Ганчарык, а таксама навучэнцы УА “Пінскі дзяржаўны калледж мастацтваў”, члены клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі”, чытычы цэнтральнай раённай бібліятэкі і бібліятэкары.

Паэтэса Тамара Пятроўна Аўсяннікава – адзін з укладальнікаў кнігі расказала прысутным чаму менавіта кніга атрымалася такой, выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто меў дачыненне да стварэння незвычайнага выдання, у асаблівасці яна падкрэсліла, што дзякуючы падтрымцы сына паэтэсы Андрэя Сяргеевіча Янішчыца, яе пляменніцы Таццяны Міхайлаўны Ганчарык і дырэктара Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц Антаніны Паўлаўны Сідарук аўтары 3-га тома атрымалі доступ да ўсіх магчымых матэрыялаў: ад запісаў вершаў на асобных лістах да машынапісаў гатовых для выдання зборнікаў.

У час прэзентацыі шчыра гучалі вершы паэтэсы ў выкананні бібліятэкараў цэнтральнай раённай бібліятэкі. Члены клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі” Віктар Сямёнавіч Мяцельскі і Анатоль Віктаравіч Козіч выканалі цудоўныя песні, а Галіна Іосіфаўна Лазіцкая прачытала свой верш, прысвечаны Яўгеніі Янішчыц. У завяршэнні мерапрыемства выступіла дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Алёна Іванаўна Анташук. Яна падкрэсліла, што ў фондах бібліятэк дзяржаўнай установы культуры “Пінская раённая цэтралізаваная бібліятэчная сістэма” ёсць усе зборнікі паэзіі паэтэсы, а імя Яўгеніі Янішчыц застанецца ў памяці кожнага, хто хоць раз у жыцці адкрываў зборнік яе вершаў.

У непарыўнасці жыцця і творчасці пражыла сваё жыццё Яўгенія Янішчыц. Яна заўсёды імкнулася заставацца вернай свайму прызначэнню і менавіта таму вершы, прадстаўленыя ў трэцім томе, дадаюць шмат чаго новага да апублікаваных пры жыцці паэтычных зборнікаў. Лірыка паэтэсы – гэта святло яе душы, увасобленае ў паэтычныя радкі і гэтае нязгаснае святло заўсёды будзе вабіць чытача! Яе цудоўнай паэзіі суджана доўгае жыццё!

К.Л.Міхалевіч,
загадчык АБМ
ЦРБ імя Я.Янішчыц

 

Добавить комментарий