Мой шлях зямны

Мой шлях зямны

 “На самай дробнай і адказнай  працы –
пакінуць можна незабыўны след.
А вось паэтам нельга ўладкавацца,
паэтам нараджаецца паэт”.
Сяргей  Грахоўскі.

     Чарговае пасяджэнне  клуба літаратараў  Піншчыны  “Пінчукі” пад назвай “Мой шлях зямны”  адбылося 19 мая 2017 года ў чытальнай зале ЦРБ імя Я.Янішчыц.

   На творчую сустрэчу прыйшлі людзі творчыя, захопленыя, якія любяць і шануюць мастацкае слова, спрабуюць свае сілы ў складанні вершаў, якія чытаюць, спяваюць.

   Пасяджэнне ўрачыста адкрыла   дырэктар  ГУК  “Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”  А. І. Анташук.

   Адзін з кірункаў дзейнасці клуба,  праца з тымі, хто толькі спрабуе свае сілы ў літаратуры, імкнецца сказаць нешта сваё, запаветнае, тое, што яго найбольш  хвалюе, уражвае, што трывожыць яго розум і сэрца. На пасяджэнні  адбылося знаёмства з членам  клуба літаратараў “Пінчукі”  і проста цудоўным чалавекам Галінай  Іосіфаўнай Лазіцкай.

   Паэзія Галіны Іосіфаўны  пяшчотная, поўная замілавання родным краем, верай у дабро. Вершы друкаваліся ў газетах “Пінскі веснік”, “Полесская правда”, “Народная трыбуна”, “Заря”, “Сельская газета”, “Знамя юности”.  Вершы, паэма, апавяданні  Галіны Іосіфаўны  сабраны ў зборніку  “Прайсці поруч”.

   Вершамі, кветкамі і падарункамі калегу па творчасці павіншавалі  старшыня клуба літаратараў “Пінчукі”, член Саюза  пісьменнікаў Беларусі – Марыя Іванаўна Ляшук, член клуба, аўтар Гімна меліяратараў Рэспублікі Беларусь –  Міхаіл Паўлавіч Башчук, члены Саюза  пісьменнікаў Беларусі – Жана Завацкая, Алена Ігнацюк, а таксама Зінаіда Савіла, Васіль Алешка, Анатоль Козіч, Віктар Мяцельскі і інш.

   Не засталася ў даўгу і Галіна Іосіфаўна: прагучалі яе ўжо вядомыя і новыя вершы, паэма.

    Песні на вершы Галіны Лазіцкай  прагучалі ў выкананні Ігара Лохача,  Таццяны Горбат.

   Свае музычныя віншавнні дарылі   гурт бардаў “Капля” – Аляксей Шаўчук, Алег Каратышэўскиі, народны  ансамбль Красічынскага СДК  “Явар ды Каліна”, Віктар  Мяцельскі.

   Якое шчасце, што ёсць у часе нашага быцця паляны пралесак, адкуль можна ўзірацца ў бяздонны блакіт, якое шчасце, што ёсць сярод нас людзі, здольныя замілавана, з захапленнем глядзець на Божы свет і выразна адчуваць прыгажосць наваколля.

   Завяршылася мерапрыемства  пажаданнямі новых поспехаў, новых  твораў  Галіне Іосіфаўне і ўсім літаратарам Піншчыны.

                                                                 Гал. бібліёграф аддзела
абслугоўвання і інфармацыі Бахур В.М.

Добавить комментарий