Багата, родная ты мова…

Багата, родная ты мова…

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.
Я. Янішчыц.

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Пакуль жыве  мова – жыве народ і памяць продкаў. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду, былі нават такія перыяды, калі беларуская  мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, мова беларусаў вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету. Яна прыгожая, сакавітая і лагодная.

У Год малой радзімы асабліва важнай з’яўляецца пашана да беларускай мовы і родных краявідаў. Менавіта таму, у гэты дзень у Аснежыцкай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя “Багата, родная ты мова…” для вучняў і настаўнікаў УА “Аснежыцкая сярэдняя школа”. Пад час мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з гістарычным шляхам і сучасным становішчам беларускай мовы, змаглі пачуць яе мілагучнасць, цудоўныя песні, вершы ў выкананні Аляксандры Вайтовіч, вучаніцы 4-га класа, Паліны і Ангеліны Качаноўскіх, вучаніц 4-га і 7-га класаў і адчуць гонар быць беларусамі. Вялікі інтарэс у прысутных выклікала кніжная выстава «Дзівосны скарб беларусаў», на якой шырока прадстаўлена літаратура па мовазнаўству, мастацкія творы адпаведнай тэматыкі, паэтычныя зборнікі, творы класікаў беларускай літаратуры, сучасных беларускіх пісьменнікаў.

Гэты дзень, безумоўна, нікога не пакінуў абыякавым. Усе прысутныя яшчэ раз адчулі гонар і павагу за сваю мову.

К.Л.Міхалевіч, загадчык
аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Добавить комментарий