85 гадоў Мікалаю Іванавічу Чаргінцу

85 гадоў Мікалаю Іванавічу Чаргінцу

17 кастрычніка 2022 года Народнаму пісьменніку Беларусі, ганароваму старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаю Іванавічу Чаргінцу спаўняецца 85 гадоў.

Імя беларускага празаіка Мікалая Іванавіча Чаргінца добра вядома не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. М.І. Чаргінец не толькі аўтар дэтэктываў, жанр якіх ён з годнасцю прадстаўляе, але і грамадскі і палітычны дзеяч. Званні і пасады Мікалая Іванавіча цяжка пералічыць. Ён генерал-лейтэнант у адстаўцы, акадэмік шэрага міжнародных акадэмій, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Акадэміі народаў свету і Акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку Расійскай Федэрацыі, прафесар, гранд-доктар філасофіі і права Сусветнага размеркаванага універсітэта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. М.І. Чаргінец – член Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Пастаяннай камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі і інфармацыі. М.І. Чаргінец – сустаршыня Міжнароднага літаратурнага фонду, сакратар міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў-баталістаў, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Удастоены звання “Міжнародны прафесіянал 2005” (Кембрыдж). Яго імя ўнесена ў трыццаць трэцяе выданне Міжнароднага біяграфічнага слоўніка і ў Кнігу рэкордаў Гінеса за разнапланавыя дасягненні ў галіне навукі і культуры ў 1998 г. М.І. Чаргінец узнагароджаны 8 ордэнамі, вялікай колькасцю медалёў, у тым ліку СССР, Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Афганістан і Рэспублікі Польшча. Ён заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій імя А. Фадзеева і В. Пікуля, а таксама некаторых саюзных і рэспубліканскіх. Старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (2005—2022).

Нарадзіўся М.І. Чаргінец у Мінску. Яшчэ ў юнацтве пачаў займацца ў дзіцячай спартыўнай школе, гуляў у футбольных камандах майстроў гарадоў Мінска, Вінніцы, Кішынёва. Скончыў Вышэйшую школу трэнераў, працаваў рабочым на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя У.І. Леніна. У 1964 г. яму прапанавалі пайсці ў крымінальны вышук. У органах унутраных спраў М.І. Чаргінец прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. За гэты час ён скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, абараніў дысертацыю, прымаў удзел у баявых аперацыях у Афганістане.

Нараджэнню Чаргінца-пісьменніка спрыяла яго праца ў органах унутраных спраў. Пад рукой будучага аўтара дэтэктываў апынуўся багаты і цікавы матэрыял. У 1973 г. пабачыла свет першая дакументальная аповесць М.І. Чаргінца “Четвертый след”, галоўны герой якой – інспектар крымінальнага вышуку Вятроў – пераходзіць і ў іншыя творы аўтара. Услед за ёй з’явіліся аповесці “Тревожная служба”, “Следствие продолжается”, “Финал Краба”. У 80-я гады XX ст. з’явілася дылогія пісьменніка “За секунду до выстрела”, першая частка якой ахоплівала падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а другая адлюстроўвала складаную работу супрацоўнікаў міліцыі ў мірны час.   На творчым лёсе пісьменніка адбілася і камандзіроўка ў палаючы Афганістан, вынікам якой сталі раманы “Тайна Черных гор” і “Сыновья”. Мікалай  Чаргінец – майстар вострасюжэтных сучасных дэтэктываў (“Черный пес”, “Киллер”), палітычнага дэтэктыва (“Тайна Овального кабинета”), самых сапраўдных баявікоў, у якіх бандыцкія групоўкі кідаюць выклік праваахоўным органам (“Смертельный квадрат”), гісторыка-палітычнага дэтэктыва пра станаўленне савецкай улады на Беларусі (“Приказ № 1”). Свой раман-прадбачанне “Илоты безумия” сам пісьменнік вызначыў як “міжнародны дэтэктыў”. У творы адлюстравана барацьба разведак розных краін з міжнародным тэрарызмам.  У 2000 г. пісьменнік прапанаваў увазе чытачоў серыю “Уголовный розыск”, якую склалі як яго новыя творы, так і выдадзеныя раней.

Па творах М.І. Чаргінца пастаўлены ваенна-прыгодніцкі фільм “Вам задание”, чатырохсерыйны тэлевізійны фільм “Ветров”,  шасцісерыйны тэлевізійны фільм па яго раманах “Смерць за смерць” і “Побег”.

Добавить комментарий