Мікола Чарняўскі нарадзіўся 16 студзеня 1943 года ў вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, у сялянскай сям’і.
Скончыў Беліцкую сярэднюю школу Рагачоўскага раёна, а ў 1966 годзе – вячэрняе аддзяленне філфака БДУ імя У. І. Леніна. Адначасова з вучобай ва універсітэце працаваў у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”, рэдактарам зарубежнага вяшчання Беларускага радыё. З 1966 па 2007 – у рэдакцыях часопісаў “Бярозка” і “Вясёлка”.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік народнай асветы. Выдатнік друку Беларусі.
📚 Першы верш “Васілёк” надрукаваны ў 1958 г. у газеце “Піянер Беларусі”. Аўтар зборнікаў лірыкі “Чалавечнасць” (1971), “Трывога” (1988), сатыры і гумару “Казёл-моднік” (1978), “І не косяць, і не жнуць…” (1982), “Камар на матацыкле” (1985), “Нашто бабе агарод?” (1989), “Лёкса ў люксе” (1993), “У трох соснах…” (1996), многіх кніжак вершаў і прозы для дзяцей. Чатыры разы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва. Асобнымі кніжкамі выдаваўся ў Расіі і Польшчы.
📚 Некаторыя творы перакладзены таксама на ўкраінскую, малдаўскую, літоўскую, кіргізскую, туркменскую, грузінскую, чувашскую, башкірскую мовы. Пераклаў на беларускую мову творы многіх паэтаў і празаікаў далёкага і блізкага замежжа. З’яўляецца аўтарам шэрагу тэкстаў песень і кантат.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1995) за зборнік вершаў і казак “Каго баіцца зубр?”, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2001) за кнігу “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?”, прэміі імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка” (2002).
Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі.