140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта

140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта

3 лістапада 2022 г. споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882-1956) (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча).

3 лістапада 1882 года мястэчку Акінчыцы Мінскага павета ў сялянскай сям’і нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч).

З 1883 года сям’я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Ласток, а з 1890 года -у леснічоўцы Альбуць. Канстанцін Міцкевіч вучыўся ў пачатковай школе ў Мікалаеўшчыне,  пасля — у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

З 1902 па 1906 год Якуб Колас працаваў настаўнікам на Палессі: спачатку ў вёсцы Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), а потым — Пінкавічы (Пінскі раён).

Зімою 1906-1907 гадоў пісьменнік жыў у сваякоў у леснічоўцы Смалярня. Там ён без афіцыйнага дазволу адкрыў прыватную школу. Некаторы час Якуб Колас працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва».

За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, арганізаваным у 1906 годзе, пісьменнік адбываў турэмнае зняволенне ў мінскім астрозе ў 1908-1911 гадах. У 1913 годзе Якуб Колас узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Каменскай. Разам яны пражылі больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў.

Падчас Першай сусветнай вайны Якуб Колас скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква), служыў у запасным палку ў Пярмі, накіроўваўся на Румынскі фронт, затым як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы. Пэўны час пісьменнік працаваў педагогам і школьным інструктарам у Абаяні і яго ваколіцах (Курская вобласць Расіі).

Якуб Колас вярнуўся ў Мінск у 1921 годзе. Пісьменнік супрацоўнічаў з Народным камісарыятам асветы, Інстытутам беларускай культуры, вёў заняткі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі на настаўніцкіх курсах у Слуцку, выкладаў беларускую мову ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

У 1926 годзе Якубу Коласу было прысвоена званне народнага паэта БССР. Таксама ў 1920-1930-я гады пісьменнік шмат перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ва ўсесаюзнай газеце «Правда» на беларускай мове быў апублікаваны верш Якуба Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг!», дзе аўтар заклікае: «На меч перакуйце ваш плуг». У часы фашысцкай акупацыі паэт эвакуіраваўся з Беларусі, жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце, Маскве. На вайне загінуў сярэдні сын пісьменніка. У 1944 годзе творца вярнуўся ў вызвалены Мінск.

У пасляваенныя гады Якуб Колас быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, членам Усесаюзнага камітэта па дзяржаўных прэміях у галіне літаратуры і мастацтва, старшынёй Беларускага камітэта абароны міру. Двойчы (у 1946 і 1949 гадах) Якубу Коласу была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

Памёр Якуб Колас 13 жніўня 1956 года за сваім рабочым сталом.

Якуб Колас — адна з ключавых асоб у гісторыі беларускай культуры. Яго літаратурная і навуковая дзейнасць істотна паўплывала на развіццё сучаснай беларускай мовы. Пісьменнік пакінуў творы, якія ўжо не адным пакаленнем чытачоў прызнаюцца бясспрэчнай класікай. Якуб Колас — стваральнік ліра-эпічных паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», якія ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры. Некаторыя даследчыкі прылічваюць гэтыя паэмы да нацыянальнага эпасу беларусаў. Пісьменнік узбагаціў беларускую лірыку вершамі («Ручэй», «Родныя вобразы», «Хмаркі», «На рэчцы зімою» і інш.), якія не страчваюць сваёй актуальнасці. Некаторыя з іх загучалі як песні: «Роднаму краю» (кампазітар Iгар Лучанок), «Каханне» (кампазітары Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок) і інш. Народны пісьменнік паўплываў на развіццё як буйных, так і малых жанраў беларускай прозы (трылогія «На ростанях», зборнік «Казкі жыцця», апавяданні «Малады дубок», «Нёманаў дар» і інш.). Якуб Колас — адзін са стваральнікаў методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, аўтар кніг «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909) і «Методыка роднай мовы» (1926).

Добавить комментарий