“На самай дробнай і адказнай працы –
пакінуць можна незабыўны след.
А вось паэтам нельга ўладкавацца,
паэтам нараджаецца паэт”.
Сяргей Грахоўскі.
Чарговае пасяджэнне клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі” пад назвай “Мой шлях зямны” адбылося 19 мая 2017 года ў чытальнай зале ЦРБ імя Я.Янішчыц.
На творчую сустрэчу прыйшлі людзі творчыя, захопленыя, якія любяць і шануюць мастацкае слова, спрабуюць свае сілы ў складанні вершаў, якія чытаюць, спяваюць.
Пасяджэнне ўрачыста адкрыла дырэктар ГУК “Пінская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” А. І. Анташук.
Адзін з кірункаў дзейнасці клуба, праца з тымі, хто толькі спрабуе свае сілы ў літаратуры, імкнецца сказаць нешта сваё, запаветнае, тое, што яго найбольш хвалюе, уражвае, што трывожыць яго розум і сэрца. На пасяджэнні адбылося знаёмства з членам клуба літаратараў “Пінчукі” і проста цудоўным чалавекам Галінай Іосіфаўнай Лазіцкай.
Паэзія Галіны Іосіфаўны пяшчотная, поўная замілавання родным краем, верай у дабро. Вершы друкаваліся ў газетах “Пінскі веснік”, “Полесская правда”, “Народная трыбуна”, “Заря”, “Сельская газета”, “Знамя юности”. Вершы, паэма, апавяданні Галіны Іосіфаўны сабраны ў зборніку “Прайсці поруч”.
Вершамі, кветкамі і падарункамі калегу па творчасці павіншавалі старшыня клуба літаратараў “Пінчукі”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Марыя Іванаўна Ляшук, член клуба, аўтар Гімна меліяратараў Рэспублікі Беларусь – Міхаіл Паўлавіч Башчук, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі – Жана Завацкая, Алена Ігнацюк, а таксама Зінаіда Савіла, Васіль Алешка, Анатоль Козіч, Віктар Мяцельскі і інш.
Не засталася ў даўгу і Галіна Іосіфаўна: прагучалі яе ўжо вядомыя і новыя вершы, паэма.
Песні на вершы Галіны Лазіцкай прагучалі ў выкананні Ігара Лохача, Таццяны Горбат.
Свае музычныя віншавнні дарылі гурт бардаў “Капля” – Аляксей Шаўчук, Алег Каратышэўскиі, народны ансамбль Красічынскага СДК “Явар ды Каліна”, Віктар Мяцельскі.
Якое шчасце, што ёсць у часе нашага быцця паляны пралесак, адкуль можна ўзірацца ў бяздонны блакіт, якое шчасце, што ёсць сярод нас людзі, здольныя замілавана, з захапленнем глядзець на Божы свет і выразна адчуваць прыгажосць наваколля.
Завяршылася мерапрыемства пажаданнямі новых поспехаў, новых твораў Галіне Іосіфаўне і ўсім літаратарам Піншчыны.
Гал. бібліёграф аддзела
абслугоўвання і інфармацыі Бахур В.М.