Янка Брыль, поўнае імя Іван Антонавіч Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 у Адэсе ў сям’і чыгуначніка.
Народны пісьменнік БССР. У 1931 Я. Брыль скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей.
У 1939 годзе прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце. Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкома партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Па вызваленні Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г. п. Мір, літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык».
Пісаць Янка Брыль пачаў з чатырнаццаці гадоў, але дэбютаваў у друку толькі ў 1938 годзе. У 1946 годзе выйшла з друку першая кніга Я. Брыля пад назвай «Апавяданні», куды ўвайшлі некалькі апавяданняў і невялікая аповесць «У сям’і», прысвечаныя жыццю заходнебеларускай вёскі.
Звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці». Тэма вайны знайшла адлюстраванне і ў апавяданнях Я. Брыля са зборніка «Працяг размовы», які ў 1963 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя Я. Коласа.
Трывалае месца ў творчасці Я. Брыля займаюць лірычныя мініяцюры, якія ён пачаў друкаваць з сярэдзіны 1960-х і якія склалі кнігі «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Акраец хлеба», «Сёння і памяць».
Уся творчасць Я. Брыля прасякнута глыбокім, чыстым пачуццём да сваёй радзімы. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.
Яму належаць словы: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!».
Памёр 25 ліпеня 2006 года, пахаваны на могілках у Калодзішчах.
У бібліятэках Пінскага раёна да гэтай знамянальнай даты арганізаваны гучныя чытанні, літаратурныя падарожжы, віктарыны, агляды выстаў літаратуры.
Запрашаем наведаць бібліятэкі Пінскага раёна!