100 год БССР

100 год БССР

1 лютага ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я.Янішчыц адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. З гэтай знамянальнай датай звязана цэлая эпоха ў гісторыі нашай дзяржавы, эпоха нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння беларускага народа, усіх сфер жыцця беларускага грамадства. Менавіта ў перыяд БССР быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які вытрымаў выпрабаванне часам, стварыў надзейны грунт будавання суверэннай Рэспублікі Беларусь! І пра гэта неабходна памятаць.

Для прысутных, прадстаўнікоў грамадскасці, ветэранаў і бібліятэкараў раёна, якія сабраліся ў зале, вядучыя правялі гістарычны экскурс, абазначыўшы значныя вехі ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Беларусі і нашай малой радзімы – Піншчыны. З вітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся старшыня Пінскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Міхаіл Сяргеевіч Заранка. У выкананні народнага ансамбля народнай песні “Верас” Малоткавіцкага ЦСДК і лепшых салістаў Пінскага раёна Таццяны Цімафеевай, Ганны Рыжко і Мікалая Саўчанчыка прагучалі інструментальныя і вакальныя творы, прасякнутыя патрыятызмам і шчырай любоўю да нашай краіны – Беларусі. Для гасцей працавала кніжная выстава “100 год БССР – 100 год адкрыццяў, дасягненняў, развіцця!”.

Утварэнне БССР з’яўляецца найважнейшым этапам у станаўленні беларускай дзяржаўнасці. І сучасная Рэспубліка Беларусь захавала і памножыла ўсё лепшае, што было створана за гады існавання БССР! Юбілей БССР увасабляе ўрачыстасць здзяйсненняў і добрых спраў на выгоду роднай зямлі, дазваляе ў поўнай меры адчуць гонар за вынікі працы многіх пакаленняў людзей!

К.Л.Міхалевіч,
загадчык аддзела бібліятэчнага
маркетынгу ЦРБ імя Я.Янішчыц

Добавить комментарий