Іван Андрэевіч Муравейка (1921–2021 гг.) – беларускі паэт, пісьменнік, журналіст. Заслужаны работнік культуры Беларусі.
Нарадзіўся 21 кастрычніка ў вёсцы Таль Любанскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі (1939) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1964). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў паранены. У 1945 годзе пакінуў аўтограф на сцяне рэйхстага: «Я – Іван з Беларусі».
Друкаваўся з 1936 года. Аўтар зборнікаў вершаў «Песня над палямі» (1955), «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Лясное возера» (1970), «Дуб і дубок» (1977), «Вадзіца з крыніцы» (2006). Пісаў пераважна для дзяцей. Тэме вайны прысвечаны кнігі «Прынёс з вайны» (1991), «Была вайна» (2009). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1953 года.

