Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (1936–2014 гг.) – беларускі паэт, перакладчык, дзяржаўны і грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 28 жніўня ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. Скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ (1959). Працаваў у газетах, на радыё, быў галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» (1972–1978), узначальваў Дзяржаўны камітэт БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978–1990), у 1990–1993 гадах – пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. З 1997 па 1999 год – старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
Першыя вершы апублікаваў у 1952 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Варта вернасці» (1978), «Гняздо для птушкі радасці» (1986).
На яго вершы вядомымі беларускімі кампазітарамі напісана шмат папулярных песень: «Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Калыханка», якія значна ўзбагацілі музыкальную культуру Беларусі.

