Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч (15 кастрычніка 1944, в.Лышча, Пінскі раён) — беларускі вучоны, журналіст, пісьменнік, празаік.
Нарадзіўся 15 кастрычніка 1944 года ў вёске Лышча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці у сялянскай сям’е. Пасля заканчэння Лышчанскай сярэдняй школы ў 1960 годзе супрацоўнічаў з Лагішынскай раённай газетай «Калгасная праўда» (1960—1962), працаваў карэспандэнтам-арганізатарам мясцовага радыёвяшчання. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ ў 1967 годзе быў накіраваны на работу ў газету «Звязда» літсупрацоўнікам, працаваў загадчыкам аддзела.
З 1977 года пачаў партыйную кар’еру: інструктар аддзела культуры ЦК КПБ, памочнік сакратара (1978—1981), працаваў у апараце ЦК КПБ. Работу спалучаў з вучобай у аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1981—1984). Вынікам вучобы стала абарона кандыдацкай дысертацыі «Партийное руководство художественной культурой на этапе зрелого социализма» (1984). Пасля працаваў у апараце ЦК КПБ, а з 1984 года — загадчык кафедры журналістыкі, мовы і літаратуры Мінскай ВПШ.
Са студзеня 1989 года — намеснік загадчыка ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ і рэдактар газеты «Советская Белоруссия», з 1992 года — галоўны рэдактар часопісу «Гаспадыня». У 1996—1999 гадах — першы намеснік старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 года працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Друкавацца пачаў у 1957 годзе. Першае апавяданне на рускай мове «Деньги» было апублікавана ў пінскай раённай газеце «Полесская правда» (1963). Піша на беларускай і рускай мовах вершы і апавяданні, нарысы, дакументальныя аповесці, навелы, лірычныя мініяцюры, крытычныя артыкулы, дзе аналізуюцца пытанні развіцця сучаснай беларускай літаратуры.
З 1986 года сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, пасля 2005 года перайшоў у прадзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Аўтар кніг «На палях рэспублікі» (публіцыстыка, 1968), «Добры дзень, сад!» (нарыс, 1974), «На сельских просторах» (публіцыстыка, 1976), «Строгая доброта» (дакументальная аповесць, 1976), «Крылы дужэюць у палёце» (дакументальная аповесць, 1977), «Жменя зярнят» (нарысы, 1979), «Журавы на далёкай пойме» (аповесць, 1984), «Ноч перад нядзеляю» (аповесць, лірычныя замалёўкі, 1986).
Узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць” (1981) і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1995). Заслужаны журналіст БСЖ (2002). У 2007 годзе Зіновій Прыгодзіч за тэматычны цыкл размоў з выдатнымі дзеячамі культуры стаў лаўрэатам конкурсу “Залатое пяро”. У 2012 годзе за творчыя партрэты дзеячаў беларускай літаратуры і культуры Зіновію Прыгодзічу быў ўручаны ганаровы знак-сімвал “Залаты Купідон” і дыплом Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2011 года” ў намінацыі “Крытыка і літаратуразнаўства”. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2013 года ў вобласці літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці – за кнігу “Родник у лесных берёз”.