110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка.
17 верасня 2022 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, выдатнага грамадскага дзеяча, класіка айчыннай літаратуры, лаўрэата дзяржаўных і літаратурных прэмій СССР і Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максіма Танка.
Максім Танк – адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, патрыёт, сатырык, філосаф, наватар, а па жыцці надзвычай сціплы, просты і адкрыты чалавек.
Нарадзіўся Максім Танк 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна ў простай сялянскай сям’і. Яго сапраўднае імя і прозвішча – Скурко Яўген Іванавіч. У час Першай сусветнай вайны сям’я Скурко вымушана была адправіцца ў Маскву. На радзіму яны вярнуліся ў 1922 годзе.
Вучыўся Максім у Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях, у 1927 годзе ўступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у падпольным руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі. За прапаганду рэвалюцыйных ідэй у творах яго неаднаразова арыштоўвалі польскія ўлады і прыгаворвалі да турэмнага зняволення. Сядзеў у віленскай турме, дзе арганізаваў падпольнае выданне рукапіснага часопіса “Краты”. У турме Максім Танк вёў дзённікі, фрагменты якіх склалі кнігу “Лісткі календара“.
У 1936 годзе ён уступае ў члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Актыўна працуе ў падпольным камуністычным друку.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР Максім Танк быў карэспандэнтам “Вілейскай праўды” і “Сялянскай газеты”. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён прадаўжаў працаваць у франтавым друку: быў супрацоўнікам газеты “За Савецкую Беларусь” і газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Вера ў перамогу, паэтызацыя подзвігу савецкага воіна, выкрыццё фашызму – асноўныя матывы лірыкі паэта ваенных гадоў. У пасляваенны час Максім Танк працаваў у часопісе “Вожык“, быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”.
Яркім дэбютам у вялікай паэзіі стаў яго першы зборнік “На этапах”, які ўвёў імя новага самабытнага паэта Максіма Танка ў еўрапейскую літаратуру. Пазней былі напісаны паэмы “Нарач“, “Журавінавы цвет”, “Каліноўскі“, выдадзены паэтычныя зборнікі “Вастрыце зброю“, “Праз вогненны небасхіл“. Гонар народа-пераможцы, радасць стваральнай працы, сум аб цяжкіх стратах вызначылі танальнасць кнігі “Каб ведалі”, за якую Максім Танк быў удастоены дзяржпрэміі СССР.
Зборнікі “На камні, жалезе і золаце”, “У дарозе” прысвечаны пасляваеннай дзейнасці. Найбольш яскрава і поўна сіла таленту паэта праявілася ў зборніках “След бліскавіцы”, “Мой хлеб надзённы” (удастоены дзяржпрэміі БССР), “Глыток вады”. У пасляваеннае дзесяцігоддзе паэт асэнсоўваў героіку мінулага, праслаўляў мір як найвышэйшую каштоўнасць, сцвярджаў мудрасць народнай маралі, услаўляў родны кут.
Асаблівае месца ў творчасці Максіма Танка займае нарачанскі азёрны край, дзе нарадзіўся паэт. Ён пісаў: “Я часта начую і днюю ля сосен сваіх нарачанскіх, дзе ўсе беды мае, дзе ўсе радасці мае, дзе ўсе думы мае”.
Максім Танк шырока вядомы не толькі як паэт для дарослых. Дзіцячаму чытачу знаёмы яго казкі “Галінка і верабей”, “Конь і леў“, “Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні“, “Мухамор”, “Казка пра Мядзведзя“.
Займаўся паэт і перакладчыцкай дзейнасцю. Дзякуючы яму на беларускай мове ўбачылі свет асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Юльюша Славацкага. Творы Танка перакладзены на многія мовы.
Максім Танк быў актыўным грамадскім дзеячам: ён быў сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Савецкага камітэта абароны міру, старшынёй Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскай дружбы, старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі шостага і сёмага скліканняў, ганаровым грамадзянінам г.Мінска.
Памёр Максім Танк у Мінску 7 жніўня 1995 года. Пахаваны ў роднай вёсцы, побач з бацькамі. Да апошніх дзён свайго доўгага і нялёгкага жыцця паэт заставаўся адданы выбранаму ім у далёкія 30-я гады мінулага стагоддзя творчаму крэда – пісаць ярка, эмацыянальна, па-філасофску глыбока і з тонкім лірычным настроем.
Імя Максіма Танка стаіць у адным радзе з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Якуб Колас з любоўю называў паэта каранастым дубам, які глыбока пусціў карэнне ў родную зямлю.
Грамадскія і літаратурныя заслугі Максіма Танка высока ацэнены. Ён – Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер чатырох ордэнаў Леніна, уладальнік ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, медаля Францыска Скарыны і іншых узнагарод, а таксама лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і Беларусі, Ленінскай прэміі, Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Літаратурнай прэміі імя Аляксандра Фадзеева. Але самым дарагім для Максіма Танка было званне народнага паэта Беларусі, атрыманае ім у 1968 годзе.