Змітрок Бядуля належыць да пакалення пачынальнікаў беларускай літаратуры XX стагоддзя. У гэтым шэрагу ён стаіць побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Максімам Багдановічам і Максімам Гарэцкім.
Пісьменнік нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў небагатай яўрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец на Лагойшчыне. Сапраўднае яго імя —Самуіл Яфімавіч Плаўнік. Бацькам хацелася, каб іх сын стаў рабінам, святаром у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне, таму яны аддалі яго вучыцца ў хедар (так называлася яўрэйская школа). Пасля заканчэння хедара хлопчык працягваў вучобу ў ешыбоце — пачатковай школе рабінаў — спачатку ў Даўгінаве, потым у мястэчку Ілья. Яго веданне Бібліі пазней паўплывала на змест, тэматыку і стыль твораў. У Бядулі-пісьменніка, як адзначае літаратуразнаўца Іван Навуменка, былі два аўтарытэтныя настаўнікі: Біблія з яе старажытнымі гісторыямі, легендамі, духам старажытнасці і народныя скарбы, беларускія былі, міфы паганскіх часоў, якія з’ядналіся ў творчасці пісьменніка з біблейскімі міфамі.
У 1907 годзе Змітрок Бядуля пачаў пісаць вершы на рускай мове, нават дасылаў іх у Пецярбург. У хуткім часе яму ўдаецца наладзіць супрацоўніцтва з газетай «Наша ніва». Першы твор, які яна надрукавала, быў абразок «Пяюць начлежнікі». Менавіта ён засведчыў пра нараджэнне новага беларускага пісьменніка. Гэта адбылося 23 верасня 1910 года. А ў 1912 годзе Змітрок Бядуля едзе ў Вільню сам, каб павысіць сваю адукацыю і ўключыцца ў літаратурнае жыццё. Дэталі яго жыцця ў культурным цэнтры Заходняга краю невядомыя, акрамя тых, што звязаны з «Нашай нівай». Спачатку ён супрацоўнік рэдакцыі, затым, з 1914 года – адказны сакратар. Самай значнай падзеяй гэтага перыяду жыцця пісьменніка з’яўляецца выхад у свет зборніка «Абразкі». I. Навуменка небеспадстаўна адзначае, што Вільня — першы «універсітэт» Змітрака Бядулі, які ён закончыў з бляскам.
Пасля звароту з Вільні ён на нядоўгі час прыпыняецца ў родным Пасадцы, а потым пераязджае ў Мінск і ўладкоўваецца на працу ў Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны. Тут адбываецца яго блізкае знаёмства з Максімам Багдановічам. У Мінску пісьменнік сустрэў Лютаўскую і Кастрычніцкую рэвалюцыі, перажыў нямецкую і белапольскую акупацыі. У гэты час ён супрацоўнічае ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларускі час», «Беларусь», піша і друкує свае творы, пераважна вершы і артыкулы. У дваццатыя гады працуе ў газеце «Савецкая Беларусь», рэдагуе часопісы: дзіцячы — «Зоркі» і краязнаўчы — «Наш край». Многія творы Змітрок Бядуля адрасаваў дзецям. Гэта вершы, казкі, апавяданні, паэмы. Асаблівае месца сярод іх належыць казцы-паэме «Мурашка-Палашка» і аповесці-казцы «Сярэбраная табакерка», напісаным перад вайной.
На пачатку Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік накіраваўся з Беларусі ў расійскі горад Уральск. Жыццё Змітрака Бядулі абарвалася 3 лістапада 1941 года.