Пятро (Пётр Мікалаевіч) Рунец (1911–1997 гг.) – пісьменнік, уладальнік прэмій рэспубліканскіх конкурсаў. Нарадзіўся 4 мая 1911 года ў вёсцы Азярычына Ігуменскага павета (цяпер Бярэзінскі раён). Скончыў курсы пры Барысаўскім педагагічным тэхнікуме (1930), настаўнічаў. У 1940 годзе скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Мінску.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Волхаўскім і Сталінградскім франтах, двойчы паранены. Пасля дэмабілізацыі працаваў у шпіталі і газеце. У 1946–1953 – загадчык аддзела газеты «Піянер Беларусі», у 1953–1963 – літсупрацоўнік часопіса «Бярозка», у 1963–1971 – рэдактар-стыліст на Беларускім радыё.
Друкаваўся з 1932 года. Аўтар кніг «Юныя змагары» (1940), «Бярозавы конь» (1956), «Алёшка-верхалаз» (1963), «Белы васілёк» (1971), «Незвычайны наведвальнік» (1985) і інш. Склаў зборнік «Ніколі не забудзем» (з Янкам Маўрам, 1948).

