Міхась Лынькоў, поўнае імя Міхаіл Ціханавіч Лынькоў (30 лістапада 1899, в. Зазыбы 2, цяпер Лёзненскі раён, Віцебская вобласць — 21 верасня 1975, Мінск) — беларускі пісьменнік, Народны пісьменнік БССР (1962).
Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка. Скончыў Старасельскае народнае вучылішча, у 1917 годзе — Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (цяпер Буда-Кашалёўскі раён). У 1919—1922 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у савецка-польскай вайне. У 1925—1928 гг. — адказны сакратар рэдакцыі, намеснік рэдактара, у 1928—1930 гг. — рэдактар бабруйскай акруговай газеты «Камуніст». Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1930—1932 гг.), сакратаром аргкамітэта (1932—1934 гг.), галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1933—1941 гг.), старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР (1938—1948 гг.). У 1941—1942 гг. — рэдактар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943—1946 гг. і 1949—1952 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Як член дэлегацыі БССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Акадэмік АН БССР. Член Саюза Пісьменнікаў СССР (1934—75 гг.).
Дэбютаваў вершам у 1919 годзе (смаленская газета «Борьба»), першыя апавяданні — у 1926 годзе (бабруйская газета «Камуніст» і зборнік бабруйскага філіяла «Маладняка» — «Уздым»). Выйшлі зборнікі прозы «Апавяданні» (1927), «Гой» (1929), «Андрэй Лятун» (1930), «Саўка-агіцірнік» (1933), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), «Сустрэчы» (1940), «Астап» (1944), «Апошні зверыядавец» (аповесць, 1930), «За акіянам» (нататкі, апавяданні, нарысы, 1962), раман «На чырвоных лядах» (1934) і раман-эпапея ў 4 кнігах «Векапомныя дні» (1958, 2-е перапрацаванае выданне ў 1969), нарыс «Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў» (1944), апавяданне «Агні Танганьікі» (1957), «Выбраныя творы» (1931, 1934, 1952), «Выбраныя апавяданні» (1938, 1941, 1947), зборы твораў у 4-х (1967—68) і ў 8 тамах (1981—85). М. Лынькову належаць літаратуразнаўчыя працы «Беларуская літаратура за 30 год» (1948), «Вобраз Сталіна ў беларускай мастацкай літаратуры» (1950), «Якуб Колас» (1952), «Летапіс эпохі: Беларускай савецкай літаратуры пяцьдзесят год» (1968), зборнік артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1978), кніга «Публіцыстыка» (1980).
Для дзяцей выдадзены кнігі «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), «Міколка-паравоз» (1937, аповесць экранізавана ў 1957), «Янка-парашутыст» (1937), «Ядвісін дуб» (1940), «Апавяданні» (1946, 1948, 1960, 1966, 1973, 1974, 1988).