І, дзякуй Богу, поўніцца суквецце
Усіх, хто любіць слова Мастака.
Змітрок Бядуля, голас твой на свеце
Ляціць у сэрца з кожнага радка.
Такімі словамі завяршыла сваё выступленне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Святлана Мажароўская, бібліятэкар Пінкавіцкай сельскай бібліятэкі.
Святлана Мажароўская была запрошана на выніковае мерапрыемства як пераможца літаратурнага конкурсу “Беларускі салавей”, які быў прысвечаны да 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі. Яе конкурсная работа атрымала прызы ў дзвух намінацыях, адной з якой стала намінацыя “Творчы падыход да конкурсу”. Святлана Мажароўская вядома яшчэ як майстар па вышыўцы, і да гэтага конкурсу яна стварыла партрэт Змітрака Бядулі. Гэты партрэт з удзячнасцю прыняў у падарунак Алесь Суша, намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. А наша зямлячка была ўзнагароджана прызамі, якія ёй уручыла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава.
Літаратурныя конкурсы дазваляюць узнімаць айчынную літаратуру на больш высокі ўзровень, а ўдзел у іх узбагачае чалавека і культурна , і духоўна.
Л.І.Папіціч,
загадчык АБМ ЦРБ імя Я.Янішчыц